*
Pra łacinku treba razumieć dva momanty:
1. Лацінка - вялікая каштоўнасць беларускага народа. Як крыж Еўфрасінні Полацкай, напрыклад. Такая ж важная і такая ж згубленая.
Лацінкай нашыя продкі пісалі пачынаючы з XVI ст. Пісалі нячаста, але сістэмна.
Мы - адна з нешматлікіх нацый на свеце, якая мае абодва алфавіты ў сваёй нацыянальнай ДНК. І гэта ня дробязі.
2. У сучасным беларускім грамадстве лацінка - гэта крыху "чамадан без ручкі". Яна каштоўная, яна прыгожая і стылёвая, але дзе яе выкарыстоўваць апроч брэндзіравання, незразумела. Лацінку цэняць дызайнеры, але вельмі слаба ўспрымае народ. Такая аб'ектыўная рэальнасць.
*
Z nahody admieny łacinki varta adznačyć dva momanty:
1. Гэта бязглуздае і шкоднае рашэнне.
Па-першае, відавочна, лацінка на шыльдах ніяк не шкодзіла "славянскім традыцыям" Беларусі і не прэтэндавала на тое, каб нешта ў кагосьці забраць.
Па-другое, менавіта на шыльдах лацінка выконвае канкрэтнае прызначэнне. Любая назва на планеце мусіць мець сваё адлюстраванне на лацінскай графіцы. Такія правілы. І ў гэтым разрэзе звыкласць ці нязвыкласць для "простага" беларуса такой лацінкі ня мае вялікага значэння. Гэта як блокчэйн ключ - важны арыгінальны набор сімвалаў.
І ў беларусаў ёсць раскоша рабіць гэты "ключ" сваёй, гістарычнай графікай.
2. Аргументацыя пад забарону лацінкі як заўсёды "аганёк".
Спачатку ў дакуменце аб забароне пішуць пра тое, што цяперашнюю лацінку распрацавалі супрацоўнікі Акадэміі Навук, а праз 2 сказы, што яе выкарыстоўваюць з 16 ст. Дык дзе праўда?
Таксама ў дакуменце прапануецца паступова адмаўляцца ад лацінкі, выкарыстоўваючы замест яе толькі дзяржаўныя мовы. Але ж лацінка - гэта не мова! Што яны там збіраюцца забараняць?
Самае прыкольнае - гэта аргумент пра тое, што ў аснову нашай лацінкі нібыта пакладзены польскі варыянт з мэтай паланізацыі беларусаў. А яна апроч таго, што ідэалагічна шкодная, дык і вельмі нязручная, бо выкарыстоўвае "гачкі" (дыякрытыкі па-навуковаму).
Але ж усё наадварот! Беларусы карысталіся польскім варыянтам лацінкі да пачатку ХХ ст. Але пасля прынцыпова адмовіліся ад яе і перайшлі на лацінку ўмоўна чэшскага фармату. То бок, нашая лацінка асэнсавана антыпольская!
І "нязручныя" гачкі у ёй узніклі якраз пасля пераходу на новы варыянт. Для таго, каб адрознівацца ад палякаў.
Карацей, людзі, якія лічаць, што могуць кіраваць беларусамі, як заўсёды не падрыхтаваліся і ўсё наблыталі. На роўным месцы.
Niachaj žyvie i kvitnieje biełaruskaja łacinka!
PS Выява ўзятая з роліка шаноўнага
Аляксей Пётр Станкевіч пра беларускую лацінку. Ролік цікавы, можна паглядзець тут:
https://youtu.be/rjDcWSrGkW0