Андрэй Мядзведзеў
about 9 years ago

Ну вось, нарэшце, і мінула патрэба жыць азіраючыся. Азіраючыся на тое, з кім можна павітацца, куды можна пайсці, як можна выказацца на старонках сусветнага павуціння.
Амаль сем гадоў працы ў дзяржаўнай газеце, хай сабе і не надта значнай у грамадска-палітычным плане, але, усё ж, дастаткова папулярнай да нядаўняга часу ў Рэчыцы і наваколіі, мясцовай “раёнцы” – гэта канешне, і даволі важкі досвед, і ў той жа час, вельмі двухсэнсоўнае самаадчуванне.
За дзяржаўныя грошы я нікол...і за прайшоўшыя сем гадоў не займаўся нейкаю прапагандаю. Хіба што, даводзілася перадаваць нязграбныя выразы нашых уладных чыноўнікаў больш “чытабельнай” моваю. Але гэта наўрад ці можна лічыць чымсьці, з чым я быў неяк катэгарычна не згодны. Таму, на гэты конт маё сумленне чыстае. Больш таго, на пачатку сваёй дзейнасці, я нават умудраўся прапіхнуць на дзяржаўныя газетныя палосы тэмы, якія мяне хвалявалі: стан мовы, стан беларускамоўнай адукацыі, некаторыя праблемныя пытанні мясцовых жыхароў, якія выліваліся ў крытычныя артыкулы (і, надзіва, тады гэта неяк пралазіла). Зрэшты, я быў адзіным журналістам "Дняпроўца", які пісаў па-беларуску і не даваў канчаткова знікнуць з раённай медыя-прасторы нашай мове.
Прыйшоўшы ў “Дняпровец” у пачатку 2010-га на пасаду карэспандэнта аддзела сельскага жыцця, ужо праз паўтары гады мой “шэф” прапанаваў мне ўзначаліць гэты аддзел. А не паспеў я праадказваць за нашу вёску нейкія паўгады, мне зрабілі прапанову, ад якой я не меў магчымасці адмовіцца: улічваючы пятнаццацігадовы досвед кіраўніцтва лясніцтвам, дзе калектыў маіх падначаленых удвая перавышаў колькасць працуючых у рэдакцыі, усунулі адказным сакратаром. Адразу ж было ўзнятае пытанне аб пераходзе на поўнаколерны друк і павышэнне палоснасці: выпускаць гэткі “баявы лісток” з чатырох чорна-белых палос у аўторак і суботу і з шаснаццаці ў чацвер у блакітна-чорнай абгортцы, асабіста мне было неяк ужо няёмка. Часам даводзілася ледзь не апоўначы сыходзіць з вёрсткі, але ж удалося надаць выгляд нармальнай газеты нашаму “Дняпроўцу” – першай з “раёнак” Гомельшчыны, якая пачала ў аўторкі і суботы з’яўляцца ў скрынках рэчычан на васьмі палосах, а ў чацвяргі – на дваццаці а часам і на дваццаці чатырох, у поўнаколерным выглядзе. “Шэф” ледзьве не скакаў ад радасці, пляскаючы ў ладкі і крычучы “Вы савіршылі у нас в рідакцыі цвітную рівалюцыю!!!”
Але мая “рэвалюцыя” была яшчэ наперадзе. Першым званочкам, які прымусіў “шэфа” навастрыць вушы ў мой бок, быў рэпартаж з чарговага святкавання ў Гарошкаве народзінаў Анатоля Сыса, з узгадваннем чальца Саюза “нячэсных” пісьменнікаў Анатоля Вярцінскага. На ім я, не спытаўшыся найвышэйшага дазволу ў начальніка, пабыў, і рэпартаж пра яго напісаў, і сам, зноў жа, не спытаўшы ў галоўрэда, паставіў на паласу, не бачачы ў ім аніякае палітыкі (яе там і сапраўды мог угледзець толькі чалавек з паранояй, бо літаральна праз два тыдні верш Вярцінскага задалі ў школе вучыць на памяць маёй дачушцы ў поўнай адпаведнасці са школьнай праграмай). “Бос” тады лётаў некуды ў Расію атрымліваць якуюсьці грамату ад тамтэйшых паліцыянтаў за найлепшае на абшарах СНД асвятленне МУСарской тэмы ў нашай газеце і мусіў вярнуцца толькі ў чацвер, калі газета ўжо была б аддрукавана і разляталася па хацінах рэчыцкіх жыхароў. Але ён прыімчаў у сераду ў абед і запатрабаваў чарнавыя палосы. У выніку паласа з літаратурнай старонкай была знявечана злосным перакрэсленнем матэрыяла пра Сыса (ажно дзірка ў паперы прадралася шэфавай асадкаю) і замест яе я (не без пэўнага сэнсу!) паставіў допіс мясцовай санстанцыі з назваю нешта кшталту “Бешенство: профилактика и лечение”. Гэты чарнавік паласы цяпер перададзены ў хату Сыса і калі небудзь у створаным там музеі, упэўнены, стане сведчаннем таго, як нашыя “адказныя таварышы” нішчылі ўсялякія парасткі нашага нацыянальнага ў сучаснай Беларусі.
Потым было яшчэ некалькі інцыдэнтаў. То я не так каментаваў на сайце любімай газеты сцвярджэнне нашага дэпутата Вашкова, што, маўляў, Іван Сусанін для нас – нацыянальны герой, то я не з тым павітаўся на вуліцы і нехта мяне пабачыў. Кульмінацыяй стаў зварот у рэчыцкі аўтапарк з просьбай вярнуць на шыльды з маршрутамі рэчыцкіх аўтобусаў нашу мову, якую аўтобуснікі адтуль прыбралі акурат напярэдадні 800-гадовага юбілею Рэчыцы. Тэксты ліставання трапілі на некаторыя рэсурсы, якія могуць размяшчаць матэрыялы, не азіраючыся на ўпраўленні ідэалогіі, а маё прозвішча там выклікала “буру ў шклянцы”, дакладней у шэфавым кабінеце, вынікам якой стаў мой “дабраахвотны” сыход з пасады адказнага сакратара пасля паўтара года працы на гэтай пасадзе і нават атрыманай за гэта падзякі абласнога ўпраўлення ідэалогіі.
Пад мяне тады нават прыдумалі адмысловы аддзел журналісцкіх расследаванняў, якога раней у “Дняпроўцы” ніколі не было. Але з трох першых матэрыялаў – пра спайсы ў Азершчынскім вучылішчы, пра руіны былога вайсковага гарадка на Рытме і пра безгаспадарчасць у адным з КСУПаў (дарэчы, усе тры тэмы пачыналіся альбо з даручэння старшыні райвыканкама, альбо па ўзгадненні з ім, вось толькі “накопваў” я штосьці такое, што моцным гэтага свету аказвалася недаспадобы) – аніводны не прайшоў выканкамаўскую цэнзуру і свет так і не пабачыў (а друкаваць без узгаднення “з заснавальнікам” такія матэрыялы, шэф ніяк не мог). Давялося скасаваць аддзел журналісцкіх расследаванняў і вярнуць мне пасаду рэдактара аддзела сельскага жыцця. Ну што ж – баба з возу, як кажуць… Мне так яшчэ і лепей – больш вольнага часу: запісаўся ў журнал, што паехаў у нейкі калгас, хуценька з’ездзіў, “ўзяў” нейкую даярку-свінарку, і – вольны.
Здавалася б, сядзі не высоўвайся. Але ж…
Не магу я не высоўвацца. Усялякая крытыка апынулася ў газеце пад “жэстачайшай” забаронай. А людзі просяць дапамагчы вырашыць нейкія пытанні. Даводзілася пісаць артыкулы і прапаноўваць тым СМІ, дзе гэта пройдзе. Мяркую, тыя, каму гэта трэба было, паводле стылю цудоўна ідэнтыфікавалі аўтара, не зважаючы на тое, што пад артыкуламі стаяў прыдуманы псеўданім. А шэф потым два тыдні хадзіў задуменны, чухаў патыліцу і ўсё наважваўся выклікаць “на бяседу”. І выклікаў. Для гэтага было дастаткова нейкага новага каментара ў сацсетках. Пасля аднае з такіх гутарак давялося напісаць заяву “па ўласным жаданні” без даты. Галоўны вырашыў, што гэткім чынам ён мяне застрашыць…
Шчыра кажучы, ніколі не разумеў, чым можа застрашыць гэткая заява без даты. Хіба што, каб потым, “в случае чего”, заднім чыслом можна звольніць?! Але і гэтай заяве і шэфавым пропаведзям і павучанням як сябе паводзіць я неяк не надта надаваў увагі. Я лічыў (і лічу і дагэтуль), што дастаткова таго, што я падзяляю працу на свайго наймальніка і сваё асабістае жыццё па-за працоўнымі дачыненнямі з дзяржаўнай газетай. А вось галоўны рэдактар “Дняпроўца” вырашыў, што мае права рэдагаваць не толькі сваю газету, але і асабістыя старонкі ў сацсетках, асабістае жыццё і нават асабістыя думкі супрацоўнікаў рэдакцыі газеты.
І таму, калі мая фізіяномія з гомельскага канцэрта Лявона Вольскага, дзе я, да таго ж, быў у цішотцы з выявай Пагоні, раптам з’явілася на цэлым шэрагу недзяржаўных сайтаў, прычым сталася гэта ў “выбарны” тыдзень, падчас якога я так і “не знайшоў” часу схадзіць на выбарчы ўчастак, каб распісацца ў атрыманні бюлетэня, плюс на сваёй уласнай сцяне Укантакце я выклаў пост аб сумесным парадзе Краснай арміі і Вермахта ў 1939-м годзе, “цярпенне” галоўрэда скончылася і мне ва ўльтыматыўнай форме было прапанавана напісаць новую заяву, ужо з датай, дапрацаваўшы да канца месяца, альбо будзе пушчаная ў ход тая – без даты, але непасрэдна з дня, калі адбылася нашая размова.
Што ж, антаганізм нашых з галоўрэдам поглядаў на жыццё, на нейкія палітычныя моманты, на каштоўнасці, якімі варта кіравацца, сапраўды ўвесь час узрастаў. Мой начальнік хацеў каб я быў звычайным маргіналам, якому дазваляюць зарабляць неблагія па рэчыцкіх мерках грошы на чарку і шкварку і які павінен быць гэтым задаволены. Але мяне такая роля ані не задавальняла, і таму такі рэпрэсіўны фінал быў, хутчэй за ўсё, непазбежны. Яго наступленне было толькі пытаннем часу, бо хавацца і шыфравацца я не збіраўся, хаця і нейкага актыўнага ўдзелу ў якіхсьці палітычных акцыях не браў. Тым не менш, я ж не Шцірліц якісьці, які служыць ў Гестапа і шыфруецца, бо працуе ў таталітарнай краіне на карысць яе ворага! Усё ж, гэтая сітуацыя вельмі яскрава праілюстравала тое, што і ў нас у Беларусі – рэжым. У нас створана сістэма, у якой людзі павінны быць толькі нязначнымі шрубкамі, якія выконваюць дакладна вызначаныя ім ролі і не маюць права нават па-за сістэмай рабіць так, як лічаць патрэбным.
Я не лічу, што я страціў працу. Я набыў свабоду! А гэта для мяне значна больш каштоўнейшае за крэсла ў кабінеце і аклад. А ўжо працы я сабе і ў такіх варунках знайду!

See more
37
7
4