Сяргей Шапран
about 2 years ago

Я не аматар выказвацца публічна пра асабістыя рэчы, але тут абставіны вымагаюць, бо толькі цяпер даведаўся, што выключаны з Беларускага ПЭН-цэнтра, і гэтая гісторыя ўжо атрымала розгалас нават і без майго жадання. Выключаны за няплату ўнёскаў. Яшчэ два гады таму.
Тады, узімку 2017-га, ПЭН-цэнтр закідваў лістамі пра неабходнасць сплаты ўнёскаў. Але з чаго было іх плаціць, дый яшчэ немалыя? — Амаль усе мае кнігі апошніх гадоў цалкам безганарарныя: не было аніякага ганарару ні з...а кнігу ўспамінаў пра Генадзя Бураўкіна, якую я збіраў, дый пісаў таксама, амаль год, ні за «Незавершаную аўтабіяграфію» Уладзіміра Някляева, на якую пайшло семь гадоў майго жыцця, ні за кнігу гутарак са Святланай Алексіевіч; ганарар не прадугледжаны — як ад самага пачатку папярэдзілі — і за шматпакутную кнігу ўспамінаў пра Рыгора Барадуліна, што пішацца-збіраецца ўжо пяць гадоў…
Прыкладна ў такім ключы і напісаў я тады, узімку 2017-га, тагачаснаму старшыні ПЭНа, пытаючыся пра магчымасць прыпынення сяброўства ў ПЭНе з прычыны не нежадання, а немагчымасці выплаты ўнёскаў. І атрымаў адказ: у маім выпадку важнейшая рэальная дзейнасць, а не фармальная працэдура, якой ёсць плачэнне-неплачэнне ўнёскаў, бо такім сябрам ганарылася б любая арганізацыя (канец цытаты). А ўжо ўвосень мяне з ПЭНа… выключылі. Рашэннем Рады, якое неўзабаве было зацверджана з’ездам.
Увогуле, ПЭН не толькі паводле статута, але найперш паводле задумы ягоных стваральнікаў Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Карласа Шэрмана павінен дапамагаць літаратарам і абараняць іх. Але тым, хто выключаў мяне ў 2017 годзе, мусіць, было начхаць на тое, што рэкамендацыі для ўступлення далі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Уладзімір Някляеў. Гэтаксама як начхаць было і на літаратурную прэмію імя Алеся Адамовіча за двухтомнік пра Быкава (заўважу, што гэта цяпер у гэтай прэміі дзякуючы Святлане Алексіевіч значны грашовы складнік, а ў тыя часы, у 2011 годзе, «складнік» быў хутчэй сімвалічны). Начхалі і на мае кнігі пра двух прэзідэнтаў і аднаго старшыню Беларускага ПЭН-цэнтра — Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Някляева. Ужо не кажу, што чхалі яны і на тое, што наша невялічкая сям’я пасля таго, як я, кінуўшы журналістыку, заняўся беларускай літаратурай, апынулася ў напаўжабрацкім становішчы — бывалі дні, калі я, працуючы над тым самым двухтомнікам пра Быкава, наўпрост галадаў, бо не ставала грошай на ежу…
Цяпер мне, праўда, нечакана прапанавалі напісаць заяву аб узнаўленні ў дружных шэрагах ПЭНа (тады я й даведаўся, што выключаны яшчэ два гады таму) з магчымасцю прашэння аб тым, каб мне паменьшылі ўнёскі. Але як там у Булгакава: «Ніколі і нічога не прасіце…» Але калі самі не прыйдуць і не прапануюць — дык той бяды. Толькі ўсё часцей апошнім часам (і не толькі ў звязку з прыкрым выключэннем з ПЭНа — падобных сумных гісторый назбіраўся ўжо цэлы мех) у памяці ўсплывае някляеўскі радок: «Не з тымі пайшоў і дарогай не той». І само сабой міжвольна паўстае пытанне: а ці не было памылкай кінуць пятнаццаць гадоў таму журналістыку і заняцца гэткай няўдзячнай справай, як даследаванне беларускай літаратуры?

See more
138
40
16